Міжнародны дзень роднай мовы

25.02.2020

                                                                  Кажуць, мова мая аджывае

                                                                        Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

                                                                       Для мяне ж яна вечна жывая,

                                                                  Як раса, як сляза, як зара.

                                                                                            Пімен Панчанка

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.  Гэта свята аб'ядноўвае людзей рознага ўзросту і прымушае задумацца аб лёсе роднай мовы  ў межах грамадства.  Гэты адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА,  штогод у Беларусі адзначаецца з 2009 года. Ён спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

У нашым раёне гэта свята прайшло на базе ДУА "Сярэдняя школа №1 г. Старыя Дарогі імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Кулікава" пад слоганам "Роднай мовы прыгожыя словы". З самай раніцы вучні школы паўдзельнічалі ў акцыі "З днём роднай мовы". А ганаровае права адкрываць свята атрымаў кіраўнік гуртка самадзейных паэтаў "Арэскія вытокі" Павел Рыгоравіч Цюленеў, які расказаў пра сваё станаўленне як паэта, нагадаў гісторыю стварэння гуртка "Арэскія вытокі" і падзяліўся сваімі вершамі і ўрыўкамі з паэмы "Апошняе паляванне".

Для навучэнцаў 5-6 класаў цікавыя і займальныя заданні з куфра "Знаўцы беларускай мовы" прапанавала настаўніца ДУА "Гімназія №1 г.Старыя Дарогі" Сакава А.П. Настаўніца ДУА "Сярэдняя школа №2 г.Старыя Дарогі" Патапеня Т.К. правяла інтэрактыўную гульню "Пазнай Беларусь" з навучэнцамі 7-8 класаў. Для вучняў пачатковых класаў Майсеенка М.А., культарганізатар ДУА "Старадарожскі цэнтр дзіцячай творчасці "Святліца" імя І.Н.Стасевіча", а таксама настаўнікі музыкі ўстаноў адукацыі прапанавалі святочны міні-канцэрт "Мая Радзіма Беларусь". Вучні 9-11 класаў паўдзельнічалі ў інтэрактыўнай казцы "Пра Івана-Царэвіча і Кашчэя Здыхліка Бессмяротнага", якую арганізавалі намеснікі дырэктара ДУА "Сярэдняя школа №3 г. Старыя Дарогі" Арцёменка Т.К., Разумоўская А.Г. А Статкевіч Н.А., настаўнік музыкі ДУА "Гімназія №1 г. Старыя Дарогі", разам са сваімі вучнямі змагла арганізаваць і правесці флеш-моб "Спяваем разам", дзе дзеці ўспомнілі і праспявалі знакамітыя  народныя песні  і песні на словы славутых беларускіх паэтаў-песеннікаў.

На працягу дня ў школе працаваў відэахол, дзе гучалі песні, вершы і мультфільмы на роднай мове для вучняў усіх узростаў. Вельмі займальна і яскрава праходзіла на працягу дня прэзентацыя экспазіцый школьнага музея "Беларуская хатка", "Паэты - землякі" пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Астрэйкі Л.А. Вучні-экскурсаводы музея цікава расказалі пра экспазіцыі, а таксама прадставілі невялічкую замалёўку з жыцця тагачасных беларусаў.

Увесь дзень для вучняў, настаўнікаў і гасцей свята працавала фотазона "Размаўляй са мной па-беларуску", якую арганізавалі настаўнікі ДУА "Гімназія №1 г. Старыя Дарогі". Наместнік дырэктара ДУА "Сярэдняя школа №1 г. Старыя Дарогі імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Кулікава"  Шух А.А. і вучаніца 11 класа Кур’яновіч Анастасія арганізавалі фотавыставу "Мая малая Радзіма", а бібліятэкар Рэзчыкава Н.Л. прэзентавала выставу кніг "Чытайце беларускае!"

Вельмі яскрава і незвычайна працавала выстава-прэзентацыя міні-музея "Беларуская хатка",  якую арганізавалі кіраўніцтва і выхавацелі  ДУА "Яслі-сад №2  г.Старыя Дарогі".  Дзеці і настаўнікі  змаглі пазнаёміцца з побытам і жыццём людзей у сапраўднай беларускай старадаўняй хатцы.

Займальна і цікава праходзіла праца творчых пляцовак "Чароўны свет народных рамёстваў": майстар-класы "Вышыўка процягам", "Набіўка дываноў", "Лепка з гліны", якія арганізавалі і правялі спецыялісты ДУА "Старадарожскі цэнтр  дзіцячай творчасці "Святліца" імя І.Н.Стасевіча". Дзеці змаглі не толькі паназіраць за цудам стварэння незвычайных вырабаў, а і паспрабаваць сябе ў якасці народных майстроў.

Увесь дзень працавала інтэрактыўная дошка, арганізаваная настаўнікамі беларускай мовы ДУА "Сярэдняя школа №1 г. Старыя Дарогі імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Кулікава" Жаўняровіч Ж.А., Кулявец Л.І. Каля яе дзеці змаглі пабыць у якасці перакладчыкаў, успомніць любімыя словы на беларускай мове, а таксама скласці ўласныя хэштэгі, прысвечаныя святу.

Вялікую колькасць гасцей сабрала прэзентацыя-дэгустацыя беларускіх страў "Пакаштуйце смачна!", арганізаваная настаўнікамі і вучнямі ДУА "Вучэбна-педагагічны комплекс Пасецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа". Наведвальнікі паспрабавалі смачныя гатункі нацыянальных страў і напояў атрымалі буклеты з рэцэптамі любімых страў беларусаў. Дзень роднай мовы прайшоў у цёплай душэўнай атмасферы любові і замілаванасці да нацыянальнай спадчыны, яе старажытных традыцый  і  культурных каштоўносцей. Вучні, настаўнікі і госці свята зразумелі, што такі дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І беларусы не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. І трэба зрабіць усё магчымае, для яе захавання!

Трэба адзначначыць, што на працягу дня ў кожнай установе адукацыі Старадарожскага раёна для дзяцей, падлеткаў, моладзі ладзіліся ўрачыстыя і святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. Праглядзець фота.