Кіраўніцтва Выдавецкага дома "Педагагічная прэса" знаходзілася з рабочай паездкай у Старадарожскім раёне.

12.03.2024

Падчас сустрэчы з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Старадарожскага райвыканкама Святланай Капачэняй дырэктар Выдавецкага дома Кацярына Дубінская і намеснік дырэктара па развіцці Людміла Пастарнакевіч закранулі шматлікія тэмы, сярод якіх пашырэнне ўзаемадзеяння з профільнай газетай, рэалізацыя сумесных адукацыйных праектаў, а таксама магчымасці далучэння педагогаў да супрацоўніцтва з выданнямі "Педагагічнай прэсы".

Дарэчы, у гэтым кірунку ў педагогаў раёна ёсць цудоўны прыклад: Святлана Капачэня — даўні сябар і актыўны інфармацыйны партнёр "Настаўніцкай газеты".

Паездка ў раён уключала наведванне сярэдняй школы №2 Старых Дарог. Тут працуе настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Аляксей Сойка. Нягледзячы на малады ўзрост, педагог зарэкамендаваў сябе як высокакваліфікаваны спецыяліст. Настаўнік распрацаваў праект "130 крокаў па Беларусі", які дапамагае дзецям у вывучэнні гісторыі і геаграфіі краіны, а таксама будзе цікавы дарослым.

У Паставіцкай сярэдняй школе пануе свая адметная атмасфера, адчуць яе можна, толькі наведаўшы ўстанову: тут усюды бачыцца гаспадарскі падыход дырэктара Ірыны Дзмітрук.

У школе ўжо многа гадоў вялікую ўвагу ўдзяляюць гісторыка-краязнаўчаму выхаванню дзяцей. У гэтым педагогам дапамагае музей гісторыі вёскі Паставічы. Ён быў створаны ў 1979 годзе і сёння налічвае больш як 600 экспанатаў, старэйшаму з якіх 200 гадоў. 

Акрамя таго, дырэктар расказала пра традыцыі, якімі жыве школа. Ва ўстанове вельмі цікава адзначаюць беларускія народныя святы, а сёння ўжо актыўна рыхтуюцца да Масленіцы.

🔜 (Падрабязней пра педагогаў Старых Дарог прачытаеце ў "Настаўніцкай газеце".)